Сем загадак Беларусі
1. Крыж Еўфрасінні Полацкай. Яго стварыў у 1161 г. майстар - ювелір Лазар Богша на замову полацкай асветніцы Еўфрасінні з роду князя Усяслава Чарадзея. Шасціканцовы крыж вышынёй 51,8 см быў зроблены з кіпарысу, аздоблены залатымі і срэбнымі пласцінамі, эмаллю, каштоўнымі камянямі. Меў надпісы на царкоўнаславянскай мове з уплывам старажытнабеларускай. Крыж знік падчас Другой сусветнай вайны і дагэтуль не знойдзены. Хутчэй за ўсё, яго вывезлі ў Расію, далей сляды губляюцца...
2. Балота Ельня. Знаходзіцца ў Віцебскай вобласці. Згадваецца ў кнізе рэкордаў Гінэса як найвялікшае верхавое балота свету. У цэнтру яно на 5-7 метраў вышэйшае, чым каля берагоў. Фактычна гэтае балота - пагорак, а ваду на ім утрымлівае тоўсты пласт торфу і моху сфагнуму. Легенда кажа, што на дне схаваны палац са скарбамі.
3. Мора Герадота. Сёння цяжка ўявіць, што тысячы гадоў таму на поўдні Беларусі было амаль сапраўднае мора. Яно пазначана на сярэднявечных мапах. Называлася тое мора Сармацкім (паводле назвы мясцовага насельніцтва) альбо Герадотавым (бо пра яго ўпершыню згадаў старажытнагрэчаскі гісторык Герадот каля 2500 гадоў таму). Хутчэй за ўсё, "мора" на Палессі (а насамрэч комплекс вялізных азёраў і балот) утварылася ў выніку раставання ледавіка.
4. Цмок. Фантастычная істота з беларускіх казак і паданняў, пачварны змей ці нячысты дух, які шкодзіць людзям. Яго перамагае Юр'я. З іншага боку, беларускі Цмок часам праяўляецца як мудры персанаж і памочнік людзям. Але магчыма, Цмок - не такая ўжо і фантастычная істота: ёсць сведчанні, што ў 19 стагоддзі ў рэчках Няміга і Свіслач лавілі дзіўных жывёл, падобных да тоўстых яшчарак з цёмнай луской... Ці не былі яны нашчадкамі таго самага Цмока з беларускіх паданняў?
5. Курганы. Старажытныя земляныя насыпы над магіламі вышынёй 1-2 м, дзе ў дахрысціянскія часы хавалі нябожчыкаў. У магілу клалі розныя неабходныя рэчы, прылады працы, зброю, ежу. У народзе курганы называюцца таксама "валатоўкамі", "капцамі". Паводле паданняў, у валатоўках пахаваныя асілкі-волаты.
6. Скарбы Напалеона. У 1812 г. французскі імператар Напалеон, заваяваўшы Еўропу, дайшоў да Расіі. Ягоныя войскі разрабавалі Маскву, але змушаны былі адступіць. Французы адыходзілі праз Беларусь. Кажуць, падчас складанай пераправы цераз раку Бярэзіна каля Барысава яны закапалі нарабаваныя скарбы - цэлую карэту золата і каштоўнасцей. Праўда, некаторыя навукоўцы называюць шмат іншых верагодных месцаў, дзе трэба шукаць тыя скарбы...
7. Тураўскія крыжы. Каменныя крыжы 12 стагоддзя вышынёй 1 - 2 м, якія знаходзяцца ў Тураве і ваколіцах. Паводле паданняў, іх з'яўленне звязана з цудам: яны нібыта самі прыплылі з Кіева ўверх па рацэ Прыпяць. Адзін з крыжоў знаходзяцца на Барысаглебскіх могілках. Людзі вераць у ягоную цудоўную моц. Кажуць, ён з'явіўся з зямлі, як звычайны камень, потым паказаліся папярочныя "крылы", і цяпер штогод ён падрастае на пару сантыметраў.
***
Магілёўская вобласць.
Спірыдон Собаль (каля 1580/1590 - 1645). Друкар, асветнік, літаратар, адзін з самых адукаваных людзей свайго часу. Нарадзіўся ў Магілёве. Заснаваў першыя друкарні ў родных мясцінах: Куцейне, Буйнічах, Магілёве. Выдаючы "Буквар", С.Собаль упершыню пазначыў, што кніга адрасаваная дзецям. Пачаў выкарыстоўваць гравюру не на дрэве, а на медзі.
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Паэт, драматург, тэатральны дзеяч. Нарадзіўся ў фальв. Панюшкавічы (Бабруйскі раён). Заснавальнік новай беларускай літаратуры і сучаснага тэатра. Ведаў некалькі моў. Дапамагаў удзельнікам паўстання 1863 г., за што да канца жыцця заставаўся пад наглядам паліцыі. Большасць твораў не была надрукавана пры жыцці аўтара. Ягоныя п'есы "Пінская шляхта", "Ідылія" і сёння ставяцца рознымі тэатрамі.
Павел Шэйн (1826 - 1900). Этнограф, фалькларыст, педагог. Выдаў зборнік "Беларускія народныя песні" (больш за 1000 тэкстаў), які ўзбагаціў навуку пра народную творчасць, пазнаёміў чытача з малавядомымі беларускімі песнямі. Таксама П.Шэйн запісаў шмат іншых цікавых тэкстаў: прывітанні, пажаданні, праклёны, лаянкі, замовы.
Міколай Судзілоўскі (1850 - 1930). Грамадска - палітычны дзеяч, навуковец - прыродазнавец, доктар медыцыны. нарадзіўся ў Магілёве. Яго называюць "першым і апошнім энцыклапедыстам ХХ стагоддзя". Прэзідэнт Гавайскай рэспублікі (1891 - 1902). Адкрыў шэраг астравоў у Ціхім акіяне. Ведаў 10 моў, сярод якіх японская і кітайская. Аўтар прац па медыцыне, хіміі, філасофіі, сацыялогіі, геаграфіі.
Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі; 1869 - 1922). Пісьменнік, перакладчык, літаратуразнаўца, адзін з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы. Нарадзіўся ў в.Добасна (Кіраўскі раён). Пад беларускія песні студэнтаў Мінскага і Віленскага зямляцтваў, паводле ягоных слоў, "пазнаў сябе беларусам". Актыўна выступаў у прэсе за тое, каб сяляне мелі чытанне на роднай мове. Аўтар незавершанага рамана "Золата", зборнікаў апавяданняў "Бярозка", "Васількі".
Вітольд Бялыніцкі-Біруля (1872- 1967). Жывапісец - пейзажыст, народны мастак Беларусі і Расіі. Нарадзіўся ў маёнтку Крынкі (Бялыніцкі раён). Першаадкрывальнік жанру " мемарыяльнага пейзажа". Мастака называюць "чараўніком цішыні". Аўтар карцін "Зімовы сон", "Зялёны май", "Беларусь. Пачатак лета" ды інш.
***
Магілёўская вобласць.
Магілёўскі замак.З'явіўся ён у 16 стагоддзі на высокай гары Магіле, ад якой і пайшла назва горада Магілёва. Але ж гэтым усё не абмежавалася. У часы росквіту горада на Дняпры першую абарончую лінію стварыў сам замак, другую складала абарона цэнтра горада - Бліжні вал, а трэцяя, дальняя, называлася Кругавым валам. У выніку магілёўскія ўмацаванні сваімі памерамі і магутнасцю не мелі сабе роўных у Беларусі. Разумеючы тое, магілёўцы дбалі пра іхны стан, бо "будуць муры - падчас вайны застанешся жывы".
Касцёл Святога Станіслава. Магілёў. Паводле падання, некалі злачынцу забілі проста на парозе капліцы, дзе ён спадзяваўся знайсці ратунак. За такі бязбожны ўчынак манарх і абавязаў месцічаў збудаваць касцёл і кляштар. Ён быў драўляны, а ў 18 стагоддзі збудавалі мураваны. Пасля ўваходжання Магілва ў склад Расіі бажніца пэўны час была галоўнай у імперыі - ёй падпарадкоўваліся ўсе каталіцкія храмы Расіі, у тым ліку Масквы і Санкт-Пецярбурга. Абавязкова варта зазірнуць унутр: ад храмавых фрэсак у кожнага закружыцца галава - прыгажосць несусветная!
Манастыр Святога Мікалая. Магілёў. Галоўны акцэнт манастыра, Мікалаеўская царква - адзіны ацалелы помнік праваслаўнага магілёўскага барока, што цалкам захаваўся да нашых дзён. Прыгожыя і маляўнічыя абрысы бажніцы 17 стагоддзя зачароўваюць кожнага. Нездарма гэтая частка горада так і завецца здавён - Падніколле.
Царква Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы. Вейна. Магілёўскі раён. Царква гэта - унікальная. Другой такой не знойдзеш ува ўсёй Беларусі, як не намагайся. Храм быў узведзены ў другой палове 18 стагоддзя ў стылі класіцізму. Ён мае і купал, і дзве вежы, і званіцу, але адметнасць яе ў тым, што ўсе куты - паўкруглыя, у чым можна пераканацца, пабываўшы ў Вейне альбо зірнуўшы на здымкі.
Касцёл Святога Мікалая. Княжыцы. Магілёўскі раён. Велізарны храм паспеў пабываць і касцёлам і праваслаўнай царквою і колькі разоў змяніць назвы. Насіў ён імя ў гонар Святога Антонія Падуанскага, Святога Мікалая, Святога Аляксандра Неўскага...Грошы на ягонае ўзвядзенне ў 18 стагоддзі давалі прадстаўнікі нашых вядомых родаў - Пацы, Крукоўскія, мітрапаліт Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч. Вельмі незвычайна аздоблены галоўны фасад - з дапамогаю муроў перад уваходам утвораны невялікі пляц.
Быхаўскі замак. Адзін з наймагутнейшых прыватнаўладальніцкіх замкаў Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Будаваў яго знакаміты вайскаводца Ян Кароль Хадкевіч прыканцы 16 - пачатку 17 стагодддзя. У замку дзейнічала майстэрня-людвісарня, дзе выраблялі тое, без чаго ў замку не абысціся, - ядры, кулі, гранаты і гарматы. Быхаўскі замак - прыклад мужнасці нашых продкаў, абаронцаў і ваяроў у войнах 17-18 стагоддзяў. Неаднойчы яны баранілі яго ў крывавых аблогах, становячыся ўзорам гераізму і адданасці Радзіме.
Быхаўская сінагога. Незвычайны помнік з'явіўся ў 1620-х гадах. Гэта адзіная захаваная ў Беларусі сінагога з абарончымі рысамі. Яна ад самага пачатку была прыстасаваная да ваенных дзеянняў, пра што сведчаць і тоўстыя, да двух метраў, муры, і вялізная круглая вежа, вынесеная за перыметр будынка, каб абаронцы маглі абстрэльваць ворага. Спрыялі гэтым мэтам і высока ўзнятыя вокны, і байніцы. У горадзе-крэпасці Быхаве сінагозе адводзілася істотная роля, і ў "выпадку чаго" яна добра кантралявала прылеглыя кварталы.
Царква Найсвяцейшай Тройцы. Быхаў. Гэты драўляны помнік народнага дойлідства 19 стагоддзя болей за ўсё вядомы тым, што доўгі час тут знаходзіўся знакаміты і шанаваны абраз Маці Божай Адзігітрыі Баркалабаўскай - шэдэўр беларускага іканапісу 17 стагоддзя. Абраз праславіўся разнастайнымі цудамі, з яго рабілі шматлікія копіі, азвярталіся да яго і праваслаўныя, і каталікі, і ўніяты. Ператрываўшы найгоршыя часы, слынны абраз вярнуўся ў адноўлены Баркалабаўскі манастыр.
Бабруйская крэпасць. Была збудаваная на пачатку 19 стагоддзя на беразе ракі Бярэзіны ў рамках падрыхтоўкі да вайны з Напалеонам. Цяжка ўявіць, але, каб яе узвесці, знішчылі горад, які існаваў тут раней, - Бабруйск давялося будаваць паноў. Пазней крэпасць страціла сваё галоўнае прызначэнне, была і складам, і вязніцаю, і канцланерам... Захавалася Бабруйская крэпасць часткова, але і сёння здольная ўразіць наведніка.
Глускі замак. На месцы старой, знішчанай вайной, новую, на той час сучасную фартэцыю збудаваў у 17 стагоддзі вядомы дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ Аляксандр Гіляры Пубінскі. Пазней комплексам валодалі Радзівілы. Тут знаходзіліся палац уладальнікаў, арсенал, жылыя і гаспадарчыя памяшканні, касцёл з бернардзінскім кляштарам. У 19-20 стагоддзях замак быў разбураны. Сёня часткова захаваліся валы, лёхі і падземныя часткі пабудоваў. Паводле легендаў ход з Глускага замка цягнецца ажно да Бабруйска.
Касцёл Унебаўзяцця Панны Марыі. Мсціслаў. Знаходзіцца ля ўзножжа велічнай Замкавай гары, якая ўзвышаецца па-над горадам. Заснаваны ў 1637 годзе. Уражвае інтэр'ер храма, аздоблены ляпнінай і фрэскамі. Найцікавейшымі з іх ёсць роспісы на тэму гісторыі горада, што ў храмавым жывапісе сустракаецца досыць рэдка. А яшчэ на сценах можна пабачыць выявы фундатараў - тых людзей, якія ахвяравалі сродкі на будаўніцтва святыні.
Манастыр Успення Найсвяцейшай Багародзіцы. Пустынкі. Мсціслаўскі раён. У мясцовай крыніцы тэмпература вады ўвесь год аднолькавая - +4 градусы, і ўважаецца яна лекавай. А тройчы акунуўшыся, чалавек нібыта пазбаўляецца ўсіх хваробаў! Дарэчы, мясцовае паданне апавядае пра тое, як мсціслаўскі князь Сымон-Лугвен у даўнія часы страціў зрок. І ацаленне сляпога князя адбылося дзякуючы вадзе з гаючай крыніцы. Пасля на тым месцы паўстаў і сам манастыр - у 1380 годзе. У 2003-м на адной з сцен праявіўся вобраз Ісуса Хрыста, што прыцягвае шматлікіх беларускіх і замежных паломнікаў.
Царква Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы. Хотімск. Драўляны храм, помнік народнага дойлідства, з'явіўся ў 1843 годзе. Непадалёк ад яго ўзвышаецца куды болей урачысты мураваны сабор Святой Тройцы, але царква, пра якую ідзе гаворка, мае асаблівы, адметны статус - гэта самы ўсходні храм нашай краіны. Дзіва што - Хотімск і знаходзіцца непадалёк дзяржаўнай мяжы. Таму сціплая царква займае сваю, адметную нішу сярод беларускіх бажніцаў.
Касцёл Святога Казіміра. Расна. Дрыбінскі раён. Тутэйшы касцёл - паменшаная копія галоўнага храма ВКЛ у Вільні. Абодва храмы прысвяцілі Святому Казіміру - нябёснаму апекуну дзяржавы. Гэтыя касцёлы ў стылі класіцызму з круглымі калонамі і трыкутнымі порцікамі нагадваюць антычныя помнікі Старажытнай Грэцыі. Такім чынам, не выходзячы за межы невялічкай вёскі Дрыбінскага раёна, можна лёгка ўявіць сябе ў Вільні. Помнік з'явіўся на месцы папярэдняга, драўлянага, два стагоддзі таму, у 1819 годзе.
Царква Святога Дзмітрыя Растоўскага. Выдранка. Краснапольскі раён. Царква, якой амаль 115 гадоў, славіцца далёка за межамі і самога раёна, і вобласці. Паводле старажытнага падання, уладальніца тутэйшых земляў пазбавілася сваіх хваробаў, заснаваўшы тут царкву. Прыязджаюць сюды людзі здалёк, у тым ліку і з іншых краінаў. Тутэйшыя абразы ацаляюць многіх паломнікаў. Адзін з іх, Маці Божай, прастрэлены куляй навылёт, нагадвае пра сумныя падзеі 20 стагоддзя. А на званіцы - фрагменты авіяцыйных бомбаў апошняй вайны.
***
Праўда ці міф?
1. Вароны агрэсіўныя, нападаюць на свойскіх жывёл і на людзей. Варона ніколі не нападае без дай прычыны. Але ў траўні птушаняты пакідаюць гнёзды, яшчэ не ўмеючы добра лятаць, і бацькі адчайна абараняюць іх ад людзей, катоў, сабак, што выпадкова апынуліся побач.
2. Падабранае людзьмі птушаня бацькі не прымуць назад у гняздо. Птушкі сапраўды адчуваюць пах чалавека, але звычайна бацькоўсі інстынкт у іх вельмі моцны, і птушаня яны не кінуць.
3. Саву можна прывабіць у свой сад, каб яна палявала на мышэй. Гэта праўда. Калі абсталяваць дамок-дупло (апісанні ёсць у сеціве), у ім могуць загнездавацца совы. Яны дапамогуць змагацца з грызунам, смаўжамі, вусенямі. Да таго ж за імі вельмі цікава назіраць.
4. Сарока - зладейка, яна крадзе бліскучыя рэчы. Апошнія навуковыя даследванні абвяргаюць легенду пра сарок-клепатаманак. Эксперыменты выявілі, што гэтыя птушкі нават пабойваюцца браць корм побач з незнаёмымі бліскучымі рэчамі.
5. Сава можа круціць галавой на 360 градусаў. Насамрэч у соў галава паварачваецца нашмат лепш, чым у чалавека, але не больш як на 270 градусаў у кожны бок. Поўны абарот сава на можа зрабіць.
6. Глушчы падчас такавання нічога не чуюць. Гэта праўда, адсюль і назва птушкі: падчас заключнай часткі шлюбных "спеваў" яна на некалькі секунд губляе слых, што робіць яе безабароннай перад паляўнічымі. У астатні час глушцы вельмі асцярожныя, да іх немагчыма падысці незаўважна.
7. Гіль (снягір) - "зімовая" птушка. Людзі звычайна бачаць гілёў узімку. Аднак і ўлетку птушкі не адлятаюць з Беларусі: гняздуюцца і гадуюць птушанят у яловых лясах. З маразамі гілі прылятаюць у сады і паркі, шукаючы корм.
8. Напужаны страус хавае галаву ў пясок. Насамрэч ад небяспекі страус звычайна ратуецца ўцёкамі, нездарма гэта найхутчэйшая птушка ў свеце. Галаву да зямлі ён апускае з іншых прычын: шукае корм; з'ядае каменьчыкі, якія дапамагаюць страваванню; пераварочвае яйкі падчас наседжвання.
***



