суббота, 7 марта 2026 г.

Павел Місько - к 95 годдзю з дня нараджэння

 

1. Місько, П.А. Прыгоды Бульбобаў: аповесці: для сярэд. шк. узросту / Павел Місько; маст. У.Б.Максімаў. - Мінск: Маст. літ., 2009. - 167 с.: іл.

     Цікавы, захапляльны сюжэт адразу заваюе ўвагу юнага чытача - аповед у "Прыгодах Бульбобаў" вядзецца ад імя...сабачанят. З мяккім гумарам аўтар расказвае, як маленькія істоты адкрываюць для сябе такое вялікае і складанае жыццё.

     Аповесць "Як на нашы імяніны..." займальна распавядае пра ўзаемаадносіны дзяцей.

"Аповесць "Грот Афаліны" Паўла Місько - без перабольшання, з'ява ў беларускай літаратуры. Наўрад ці знойдзеш яшчэ адзін такі твор, у якім бы так арганічна спалучаліся фантастыка і прыгодніцкія элементы, надзвычайны дынамізм дзеяння і інтрыгуючая захапляльнасць. Да ўсяго гэта і глыбока псіхалагічная аповесць, бо аўтар настолькі дакладна перадае народжанае яго багатай творчай фантазіяй, што пачынаеш верыць у праўдзівасць таго, што адбываецца."

Алесь Марціновіч

2. Місько, П.А. Грот афаліны: аповесць: для сярэд. і ст. шк. узросту / Павел Місько. - Мінск: Маст. літ., 2010. - 415 с - (Школьная бібліятэка).

     Дзесьці ў акіяне раскінуліся і атолы архіпелага, празванага Вясёлым. Ёсць там нават востраў Рай. Для багачоў, якія з'язджаюцца сюды з усіх куткоў свету і хочуць пазабавіцца, архіпелаг сапраўды здаецца вясёлым, а жыццё - райскім. Але не для карэнных жыхароў...

     Падзеі адбываюцца на зямлі і пад зямлёй, на вадзе і пад вадой. Героі - не толькі людзі, але і дэльфіны.

     Адзінаццацігадовы Янг, яго старэйшы брат Радж і іх сябры часта трапляюць у вельмі небяспечныя сітуацыі.

"Клічуць дарогі дальнія,
Клічуць дарогі блізкія...
Клічуць ва ўсе куточкі
Роднага краю майго."
Еўдакія Лось

3. Місько Павел. Навасёлы: Аповесць / Павел Місько. Жоўтая акацыя: Аповесць / У.Дубоўка. Алені: Апавяданне: Для сярэд. шк. узросту / І.Пташнікаў; Маст. М.Рыжы. - Мн.: Юнацтва, 1993. - 447 с.: іл. - (Шк.б-ка).
      У кнігу ўвайшлі творы для пазакласнага чытання  па курсу беларускай мастацкай літаратуры савецкага перыяду. Гэта аповесць У.Дубоўкі "Жоўтая акацыя" - пра цікавыя справы і мары юных натуралістаў. Аповесць "Навасёлы" П.Місько - пра тое, як цяжка быць маленькім. Заключае кнігу апавяданне І.Пташнікава "Алені", якое расказвае аб прыродзе нашага краю.