ЦИТАТА МЕСЯЦА

"Человек перестает мыслить, когда перестает читать". Дени Дидро

суббота, 27 сентября 2025 г.

Колеры года. Восень.

 Восень, восень залатая,
Сее радасць па зямлі. 
Сяргей Новік-Пяюн
ПАМЯТКА "Як правільна чытаць"/Вокладка падручніка М.В.Жуковіч. Літаратурнае чытанне.3.ч.1.
1. Бярыце кнігу чыстымі рукамі.
2. Чытайце толькі седзячы. Спіна павінна быць прамой.
3. Кнігу патрэбна трымаць на адлегласці 30-40 см ад вачэй.
4. Чытайце ў асветленым памяшканні, каб святло падала з левага боку.
5. Старайцеся чытаць у цішыні. Так змест твора запамінаецца лепш.
6. Непажадана рабіць у кнізе паметкі ручкай або алоўкам. Карыстайцеся закладкай.
7.Не чытайце ў транспарце.
8. Праз 15-20 мінут рабіце перапынкі.
Восень
Вера Вярба
Восень, мая чарадзейка,
Ходзіць па лесе, пяе,
І залатая жалейка
Песні разносіць яе.
Восень, прыйдзі ты ў школу,
У светлы адчынены клас.
Песням і гульням вясёлым
Ты навучыся ў нас.
Як лягчэй вывучыць верш на памяць?
1. Чытаю верш услых уважліва і ўдумліва.
2. Пачынаю вучыць верш па частках (па два ці чатыры радкі).
3. Чытаю і расказваю адну частку, другую.
4. Потым абедзве часткі разам.
    Так раблю да канца верша.
5.. Паўтара. ўсе часткі разам.
6. Чытаю і расказваю ўвесь верш выразна. 
/Вокладка падручніка Н.У.Антонава. Літаратурнае чытанне.2.ч.1./
Восень на парозе
Учора з раніцы і да самага вечара дажджыла. А сёння зусім па-ліпеньску спякотлівы дзень. І цішыня. Толькі дзесьці звонка цінькаюць сінічкі. Помніце такую прыказку: "У верасні сініца ў госці восень запрашае"?
Восень - на парог, а шматлікае крылатае войска - у вырай. Першымі ў заморскія краіны адлятаюць стрыжы і ластаўкі. За імі выпраўляюцца пліскі, буслы, шпакі... А ў канцы верасня адлятаюць жураўлі.
Паводле Уладзіміра Ягоўдзіка
Абмяркоўваем творы
1. Назва і аўтар твора.
2. Дзейныя асобы (персанажы).
3. Важная падзея ці малюнкі прыроды.
4. Пачуцці аўтара і адчуванне чытача.
5. Чым запомніўся твор?
6. Які вывад робім для сябе?
Ясныя дні восені
Сярод гнілой восені выдаюцца часам ясныя, светлыя дні. Ціха ўсюды. Вечер не скалыхне ні адзін лісцік, ні адну травінку. Ласкавае неба пазірае на зямлю; нідзе ні хмурынкі. Ясна і хораша, ўсё роўна як вярнулася лета. Падарыла восень людзям яшчэ некалькі ясных, светлых і цёплых дзён.
Хоць усюды і ціха, цёпла і ясна, але ўжо не вее тым жыццём, якое відаць вясною. Куды ні кінь вокам, на ўсім бачыш след восені. Хмурны хваёвы лес чуць заслаўся сінім дымком туману...А бярозы, асіны і дубы чырванеюць здалёк сваім лісцем і напамінаюць сабою аб восені. На ўсім ляжыць сіняваты слой не то дыму, не то туману.
А прыслухаешся  - такая цішыня навокал!.. Толькі часам закрычаць у небе дзікія гусі, ключом пранясуцца жураўлі і схаваюцца ў сініх хвалях далёкага яснага неба. Крык іх заціхае памалу і замрэ, расплывецца ў цішыні асенняга дня.
Плаўна носіцца ў паветры белая павуціна, сцелецца па зямлі, чапляецца за кусты і сухую траву. Прайшло цёплае лета. Апошнія вы, ясныя дзянькі восені!..
Паводле Якуба Коласа
ПАМЯТКА "Як складаць план апавядання"/ Вокладка падручніка  М.В.Жуковіч. Літаратурнае чытанне.3.ч.1.
1. Перачытайце ўвесь твор.
2. Падзяліце яго на сэнсавыя часткі.
3. У думках стварыце малюнак да кожнай часткі.
4. Вызначайце самае галоўнае ў кожнай частцы.
5. Падбярыце да кожнай часткі загаловак сваімі словамі або выкарыстайце словы з твора. 6. Загалоўкі запішыце.
7. Прачытайце план змест твора.
Як з'явіўся апостраф
Алена Масла
Было гэта даўным-даўно. Можа, толькі сівыя туманы праўду і памятаюць. Спрадвеку ахінаюць яны зямлю сваімі калыханкамі, усе яе таямніцы ім вядомыя. Захацеўшы, столькі расказаць могуць, што нават Бай мех з іх казкамі не тое што панесці - з месца скрануць не зможа.
Мы ж з вамі паслухаем толькі адну гісторыю - пра тое, як з'віўся апостраф. Я пачну кудзелю з туманоў прайсці, а вы ўважліва слухайце, як вераценца спявае, тумановыя гісторыі пераказвае...
На той час, калі ўсё на зямлі ўжо было створана, але яшчэ не было названа, у куфэрку, згубленым у моры-акіяне, жылі словы. Многа іх было - не злічыць. Але ж куфэрак быў вялізны, словы шчыльненька туліліся адно да аднаго - вось усе і змяшчаліся пад адным вечкам.
Аднак проста сядзець - і цесна, і сумна!
-Мусіць жа, мы дзеля нечага створаныя? - шапталіся паміж сабой словы і маркоціліся.
Аднаго разу пачуў гамонку слоў Вецер. А ён, як і туманы, старэйшы за нас з вамі, старэйшы за дрэвы і траву. Нават, можа, за зоркі старэйшы. Дык вось Вецер, які ўсё ведаў, сказаў словам: - Не ваша гэта доля - нудзіцца тут, далёка ад свету, на востраве, згубленым у моры-акіяне. Ваша доля - па зямлі рассыпаюцца, усяму на ёй імёны даць.
 - А як жа мы даведаемся, куда ісці? - занепакоіліся словы. 
- Мы ж нічога, акрамя свайго куфэрка, не бачылі.
- Э, не турбуйцеся! - сказаў Вецер. - Спачатку куфэрак адчыню, а пасля падумаем.
Як сказаў Вецер, так і зрабіў. А словам боязна ў невядомы свет ляцець з утульнага куфэрка, прыціхлі, маўчаць. Аж чуюць - раптам пытае нехта: - Што рабілі? Што робім? Што будзем рабіць?
- О, дружа, цябе мы й чакалі! - радасна загуў Вецер, пазнаўшы Дзеяслова, адвечнага рупліўца. Хто-хто, а ён ведае, чым слоўцы заняць, бо сам дзеянне слоў абазначае, таму Дзеясловам і завецца.
Пакуль яго сваякі ў куфэрку нудзіліся, Дзеяслоў ужо тупаў па зямлі, работы сабе шукаў. ...
ПАМЯТКА 
1. Як падрабязна пераказваць прачытаны тэкст
2. Спачатку ўважліва прачытайце тэкст. Запомніце змены ў сюжэце, заўважце ўсе дэталі. 
3. Адзначце апорныя словы.
4. Затым складзіце план тэксту.
5. Па складзеным плане перакажыце змест прачытанага.
     Каб пераказ атрымаўся цікавым, старайцеся захоўваць у ім асаблівасці пабудовы аповеду (напрыклад, калі гэта казка, то патрэбна выкарыстоўваць зачын, паўторы слоў, дыялогі герояў і іншае). Таксама ўжывайце словы-прыметнікі і словы-дзеясловы з пераносным значэннем, словы з параўнаннем адных прадметаў і з'яў з іншымі.